Піўныя заводы не паспяваюць запоўніць паліцы крамаў

Еўрарадыё заўважыла, што ў буйных мінскіх крамах знікла піва “Баброў”.

Рэгіянальны менеджар кампаніі Heineken па Мінску Андрэй кажа, што вельмі хутка раскупляюць прадукцыю з-за адсутнасці імпартнай замены.

“Вытворчасць не зніжалася, людзі сталі болей набываць. Недзе апошні месяц. Пачаліся праблемы з валютай і імпартнае піва вельмі падаражэла. Але зараз сезон, і хочаш-не хочаш, людзі набываюць піва. У нас кошты падняліся толькі на 5-7 працэнтаў”.

Да 14 чэрвеня назіраўся ажыятаж і на гарэлку, якая мусіла падняцца ў цане. Людзі чакалі падаражання, імкнуліся набыць гарэлку па старых коштах. Але Мінэканомікі на два месяцы адклала ўвядзенне свабодных коштаў на алкаголь.

Пры гэтым заводы адзначаюць, што па-ранейшаму вытворчасць алкаголю застаецца выгаднай. А прыбытак яны атрымоўваюць не з-за вялікіх коштаў, а з-за павелічэння тавараабароту.

На Брэсцкім лікёра-гарэлачным заводзе заўважаюць, што зараз назіраецца сезоннае павелічэнне продажу.

“Летам продаж павялічваецца працэнтаў на 30. У гэты час у нас адпачывае шмат турыстаў, у тым ліку расіян. Добра разбіраюць нашы брэнды”, – кажа супрацоўнік завода.

А ў аддзеле продажу Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода лічаць, што рэнтабельнасць залежыць ад пакупніцкай здольнасці насельніцтва. І дадаюць, што за апошні год рэалізацыя клімавіцкай гарэлкі павялічылася на 30 працэнтаў.

Згодна са словамі супрацоўніка аддзела продажу, каля 5 працэнтаў прадукцыі ідзе за мяжу. Прычым, у замежныя краіны і ў Беларусь адпускны кошт на прадукцыю завода прыкладна аднолькавы.

“Зараз шмат прадаём за мяжу. У гэтым месяцы плануецца паставіць каля 5 тысяч дэкалітраў у Германію: 3 тысячы з іх ужо паставілі. Яшчэ шмат паставак робім у Прыбалтыку — там ёсць гандлёвы дом ад канцэрна “Белдзяржхарчпрам”.

Стрымліваць кошты вымушаны і завод вінаградных він “Дыяніс”. Як прыватны завод прадпрыемства можа павышаць свае кошты, але ўсталёўвае іх зыходзячы з расцэнак канкурэнтаў.

Сёння паўлітровая бутэлька “Добрай шклянкі” каштуе 11990 рублёў. За 100-грамовую шакаладку “Dove” прыйдзецца заплаціць болей - 16600 рублёў.

Камерцыйны дырэктар “Дыяніса” Антон Бладзік кажа, што курс валют не моцна ўплывае на кошт прадукцыі: колькасць імпартных камплектуючых мінімальная.

“Кошт на спірт фіксаваны, вада, як лілася са свідравін, так і льецца. Зразумела, што недзе ўціснуліся, недзе знізілі выдаткі па прасоўванне прадукцыі, нейкія маркетынгавыя рэчы. Але, з іншага боку, мы разумеем, што даход грамадзян не павялічыўся ў два разы”.

Бладзік мяркуе, што кошты на алкаголь трэба павялічваць паступова. А гарэлачныя заводы, што зарабляюць на вялікіх аб’ёмах продажу, наўрад ці гатовыя скарачаць вытворчасць. Таму яшчэ як мінімум два месяцы беларусы змогуць закупляцца таннай гарэлкай.

Фота: banana.by