Польскі суд разгледзіць забарону на беларускі сцяг
18 лістапада ў раённым судзе Быдгашчы пачнецца разгляд апеляцыі Ігара Шчэкарэвіча.
Беларускі актывіст абскарджвае рашэнне мясцовай пракуратуры. Яна прызнала правамоцнай забарону беларускага сцягу падчас матчу Беларусь-Літва чэмпіяната Еўропы сярод жанчын.
Сам Шчэкарэвіч не спадзяецца на пазітыўны вердыкт суда. Па яго словах, усе людзі, якія працуюць у праваахоўнай сферы Быдгашчы, ведаюць адзін аднаго і пры магчымасці абараняюць адзін аднаго. Актывіст прасіў Генеральную пракуратуру перанесці разгляд справы ў любы іншы рэгіён Польшчы, каб яна адбывалася больш аб'ектыўна. Аднак яму адмовілі ў гэтым.
Нагадаем, што інцыдэнт з забаронай беларускага нацыянальнага сцяга адбыўся сёлета 25 чэрвеня на матчы чэмпіяната Еўропы па баскетболе сярод жанчын у польскай Быдгашчы. Ахоўнікі стадыёну перашкаджалі беларускім заўзятарам разгарнуць бел-чырвона-белыя сцягі, а потым бесцырымонна выдаліі беларусаў са стадыёну. На скаргу Шчэкарэвіча пракуратура Быдгашчы адказала, што бел-чырвона-белы сцяг "не з'яўляецца абавязковым нацыянальным сцягам Беларусі", таму заўзятары не мелі права ўжываць яго на матчы.