Прафесар з Токіа піша кнігу па гісторыі Беларусі
Макота Хаясака вучыць беларускую мову, каб расказаць японцам пра Беларусь. Ён чытае Купалу, ведае жыціе Ефрасінні Полацкай ды дзейнасць Льва Сапегі.
Прафесар Такійскага тэхналагічнага інстытута Макота Хаясака амаль 40 гадоў таму трапіў на навуковую стажыроўку ў Варшаўскі ўніверсітэт. Чатыры гады ён штудзіраваў польскую мову і даследаваў Рэч Паспалітую. Гісторыя ўжо неіснуючай дзяржавы натхніла яго на вывучэнне рускай мовы і пашырыла навуковыя інтарэсы на Украіну і Беларусь. Ужо два гады прафесар Хаясака збірае матэрыялы для кнігі па гісторыі нашай краіны па-японску. Наведаўшы Міжнародны кангрэс беларускіх даследчыкаў у літоўскім Коўне, спадар Макота прыехаў у Гродна. Менавіта тут ён працягнуў сваё вывучэнне беларускай гістарыяграфіі.
“Беларусь – частка Расійскай Федэрацыі. Дыктатура. Небяспечная дзяржава. Спакойна можна ехаць толькі ў Мінск. Па-за ім небяспечна. Такія стэрэатыпы, на жаль, у японцаў. Пра Беларусь – пра Чарнобыль. Пра гэта шмат пішуць. Пра гэта мы ведаем. А што да культуры, гісторыі, пра гэта не ведаем”, – тлумачыць сваю зацікаўленасць Беларушчынай прафесар.
На сённяшні дзень гэта ўсё, што яго суайчыннікі могуць расказаць пра маленькую краіну ў цэнтры Еўропы. Пра што раскажа першая гісторыя Беларусі па-японску? На гэта пытанне яе аўтар адказвае сцісла: “ад старажытнасці да сучаснасці”. Цяпер Макота Хаясака старанна збірае кнігі ды фатаграфуе беларускія гарады, каб па вяртанні ў Токіа пачаць перапрацоўваць сабраны матэрыял.
“Для мяне ўсё цікава. У нас палітолагі цікавяцца толькі сучаснай гісторыяй: савецкім рэжымам і гэтак далей. А я троху далей ад іх. Я пабыў у Полацку толькі два дні, адзін у Віцебску – усё гэта невядомае! Невядомая гісторыя! Што такое полацкая гісторыя? У нас ніхто не ведае пра гэта”, – расказвае Макота Хаясака.

Прафесар узгадвае свой візіт у Беларусь у 1990 годзе. Ён асабліва ганарыцца тым, што быў у Віцебску: на радзіме Марка Шагала. Карціны мастака ў Японіі добра вядомыя, але там гэта постаць асацыюецца выключна з Расіяй. Спадар Хаясака чытае паэзію Янкі Купалы, ведае жыціе Ефрасінні Полацкай ды дзейнасць Льва Сапегі. У Такійскім інстытуце, апрача навуковых даследаванняў, ён вучыць невялікую групу студэнтаў рускай мове. Каб ісці ў нагу з часам ён распрацаваў яшчэ адзін навучальны курс – на мяжы гуманітарных навук і высокіх тэхналогій:
“Цяпер – час інфарматыкі. Я вяду свае лекцыі па мадэрнізацыі, звязанай з развіццём друкарства. У вас была тэхніка выдавецтва Бібліі Францыска Скарыны. У Беларусі друкарства развівалася на высокім узроўні”.
Пра дзейнасць Францыска Скарыны і Васіля Цяпінскага навуковец расказвае японскім студэнтам з дапамогай слайдаў у Power Point.
Напрыканцы размовы прафесар прызнаўся, што гісторыя ў сучасным японскім грамадстве не вельмі папулярная. Інтэрнэт выцесніў кнігі і тэлебачанне далёка на другі план.