Прэм'ер-міністр Сірыі перайшоў на бок апазіцыі
Рыяд Хіджаб збег з сям’ёй у Іярданію і абвясціў пра свой пераход на бок апазіцыі.
Як паведамляе Радыё "Свабода", сёння былы сірыйскі прэм'ер распаўсюдзіў заяву, у якой называе рэжым прэзідэнта Башара Асада "тэрарыстычным". Па словах Хіджаба, з гэтага дня ён лічыць сябе "салдатам блаславёнай рэвалюцыі".
Паведамляецца, што разам з экс-прэм’ерам на бок апазіцыі перайшлі яшчэ трое міністраў.
Раней сёння з'явіліся паведамленні, што Хіджаб адпраўлены ў адстаўку. Выканаўцам абавязкаў кіраўніка кабінета прызначаны віцэ-прэм’ер Амар Галаванджы.
Рыяд Хіджаб стаў прэм’ер-міністрам Сірыі ў чэрвені — пасля парламенцкіх выбараў. Дарэчы, апазіцыя не прызнала выбары легітымнымі ды назвала іх фарсам.
Фота Reuters