Прэзідэнта Венгрыі пазбавілі вучонай ступені праз плагіят

За пазбаўленне прэзідэнта Пала Шміта доктарскай ступені прагаласавалі 33 сябры вучонай рады ўніверсітэта. Як інфармуе ВВС, толькі чацвёра выказаліся супраць.

Скандал вакол навуковай ступені палітыка пачаўся ў студзені. Тады венгерскі эканамічны штотыднёвік HVG абвінаваціў кіраўніка дзяржавы ў плагіяце. Сам Шміт катэгарычна абверг гэтыя здагадкі і на заклікі апазіцыі сысці ў адстаўку адказаў адмовай.

Аднак адмысловая ўніверсітэцкая камісія выявіла, што 180 старонак тэксту дысертацыі часткова супадаюць з працай балгарскага даследчыка спорту, напісанай па-французску. Яшчэ 16 старонак былі скапіяваныя з працы нямецкага навукоўца. Агулам жа праца Шміта мае 215 старонак.

Палу Шміту 69 гадоў. У палітыку ён прыйшоў са спорту. У 1968 і 1972 гадах ён стаў чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў у фехтаванні на шпагах.