Разам з дэвальвацыяй валюты адбылася і дэвальвацыя пакаранняў за крадзяжы
За крадзеж патрыманай іншамаркі можна пазбавіцца волі да 12 гадоў, за ноўтбук — да 7 гадоў.
Еўрарадыё заўважыла, што базавая велічыня не вырасла, нягледзячы на дэвальвацыю. Зараз яна па-ранейшаму складае 35 тысяч рублёў. А да базавай велічыні прывязана шмат выплат і штрафаў. Памер страчанай у выніку злачынства маёмасці таксама вызначаецца з дапамогай базавай велічыні. Страта падчас крадзяжу лічыцца буйной, калі кошт страчанай маёмасці ў 250 ці болей разоў перавышае памер базавай велічыні.
250 базавых велічынь эквівалентна 8,7 мільёнам рублёў ці… 1760 долараў паводле новага афіцыйнага курсу. Прыкладна столькі ж каштуе на onliner ноўтбук Acer Aspire ці халадзільнік Bosch KGN. Зламыснікам, што спакушаюцца на такую тэхніку, пагражае зняволенне ад 2 да 7 гадоў. У выпадку рабавання можна пазбавіцца волі ад 3 да 8 гадоў.
Калі кошт выкрадзенай маёмасці перавышае базавую ў 1000 і болей разоў, то наступае адказнасць за крадзеж ці рабаванне ў асабліва буйным памеры.
35 мільёнаў рублёў (1000 базавых) паводле курсу Нацбанка зараз крыху болей за 7 тысяч долараў. Прыкладна ж столькі зараз каштуе сярэдняя патрыманая іншамарка. Адказнасць за крадзеж у асабліва буйным памеры — ад 3 да 12 гадоў пазбаўлення волі, за рабаванне — ад 5 да 13 гадоў.
У аддзеле фінансавання мерапрыемстваў па сацыяльнай абароне Мінфіна Еўрарадыё распавялі, што пытанне змянення базавай велічыні ўжо ўздымалася.
“Было паручэнне Савету Міністраў, вялася праца ў гэтым кірунку, але далейшых паручэнняў не паступала. Кошт жыцця ўзрос. Таму зараз гэтае пытанне на парадку дня не стаіць. На парадку дня зусім іншыя пытанні, глабальныя”.
Старшыня камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Палаты Прадстаўнікоў Аляксандр Антоненка прызнае, што пытанне праблемнае. Але на парадак дня яно пакуль не выносіцца.
“Рэч у тым, што да гэтай велічыні прывязанае адміністрацыйнае заканадаўства і арэндная плата. Але калі базавая велічыня будзе падымацца, то без шкоды для гэтых двух кірункаў. Калі і трэба змяняць памер базавай велічыні, то ў звязванні з адміністрацыйным і гаспадарчым правам па арэндных стаўках.”
Згодна са словамі Антоненкі, у бліжэйшыя месяцы змяняць памер базавай велічыні не плануецца. А загадваць далей не выпадае.