Салігорскі выканкам адмаўляецца ад беларускай мовы
Мясцовыя актывісты прасілі, каб афіцыйны сайт выканкама займеў беларускамоўную версію.
Як паведаміў у каментары Еўрарадыё адзін з падпісантаў Аляксей Валабуеў, яны спасылаліся ў сваім звароце на беларускае заканадаўства і міжнародныя нормы. Але выканкам усё ж даў адмоўны адказ.
Валабуеў: "Адказ быў дурны. Мы прасілі зрабіць беларускамоўную версію сайта, а нам адказваюць, што рускамоўная версія адпавядае дзейнаму заканадаўству. Але мы з гэтым не спрачаліся, што рускамоўная адпавядае. Мы спрачаліся з тым, што адсутнасць беларускамоўнай не адпавядае нашаму заканадаўству. Ён не адказваў на пытанне, якое задавалася. У прынцыпе, гэта не першы падобны зварот у Салігорскі выканкам, на які даюцца падобныя адказы".
Валабуеў кажа, што актывісты маюць некалькі варыянтаў далейшых дзеянняў — альбо адказ выканкаму будзе абскарджаны ў судзе, альбо арганізаваць збор подпісаў грамадзян. Найхутчэй, кажа Валабуеў, будзе праведзены праваабарончы маніторынг, каб зафіксаваць канкрэтныя факты дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзян. Адсутнасьць беларускамоўнай версіі сайта Валабуеў называе адным з такіх фактаў. Вынікі маніторынгу разашлюць у розныя ведамствы.
Фота — saligorsk.org