Сапелка: Для затрымання Пушкіна не было падставаў

Пушкіна асудзілі па двух артыкулах Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях: хуліганства і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Адвакат прыйшоў да высновы, што справа была сфабрыкаваная, грунтуючыся на сумнеўныя паказанні сведак. А сведкі — два жыхары мястэчка Бобр, якія маюць судзімасці — спачатку сцвярджалі, што Пушкін намагаўся зладзіць бойку. Пасля — што мастак нецэнзурна лаяўся.

У сувязі з гэтым "хуліганствам" на затрыманне прыбылі начальнік аддзела дазнання, начальнік аддзела аховы грамадскага правапарадку, старшы оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Крупскага РАУС. "Непадпарадкаванне" іх законным патрабаванням выявілася ў тым, што Пушкін адмовіўся прайсці ва ўчастак. "Групе захопу" давялося несці яго туды на руках.

Сапелка ўжо падрыхтаваў касацыйныя скаргі на вынесеныя судовыя пастановы, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".