Сёння курсы валют адпусцяць на волю?
Дадатковая сесія на Беларускай валютна-фондавай біржы адкрыецца сёння, 14 верасня.
Такім чынам Нацбанк пачне задавальняць на рынкавых умовах увесь попыт на валюту. Рынкавы курс беларускага рубля будзе вызначацца на падставе попыту і прапановы дзякуючы дадатковай сесіі, нагадвае БЕЛТА.
На асноўнай гандлёвай сесіі будуць прадаваць валюту толькі на некаторыя медыкаменты, а таксама на газ ды электрычнасць. Тут курсы будуць пакуль ніжэйшымі.
Тым не менш у Нацбанку па-ранейшаму мяркуюць, што 5 тысяч рублёў за долар — гэта матэматычна вывераны і эканамічна апраўданы курс. Раней прадстаўнікі рэгулятара заяўлялі, што пасля таго, як спекулятыўныя настроі пойдуць на спад, курс будзе імкнуцца долу.