Сёння спаўняецца сем гадоў з дня забойства Веранікі Чаркасавай
Праваахоўным органам на працягу гэтага часу не ўдаецца знайсці забойцу журналісткі.
Расследаванне па справе аб забойстве Чаркасавай прыпынена ў сувязі з невысвятленнем асобы забойцы, паведамляе БелаПАН. Пры гэтым у пракуратуры адзначаюць, што аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца.
Нагадаем, што расследаванне было прыпынена 8 лютага 2007 года на падставе Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года. Яе знайшлі ва ўласнай кватэры ў Мінску. Забойца нанёс журналістцы больш за 40 нажавых удараў. Чаркасава пісала на розныя тэмы, у тым ліку крымінальныя, аднак следства першапачаткова разглядала ў якасці асноўнай версію забойства на бытавой глебе. Падазраванымі былі названыя 15-гадовы сын журналісткі і яе айчым. У красавіку 2005 года падазрэнне з іх было знятае.
Калегі Веранікі Чаркасавай лічаць, што яе забойства з вялікай доляй верагоднасці магло быць звязана з прафесійнай дзейнасцю.