Стаянне ў чарзе ў Мінску стала прафесіяй
На сайце "Без чаргі" прапануюць пастаяць у чарзе за тых, у каго на гэта няма часу або жадання.
Заказчык вызначае, за які час яму паведаміць аб перадачы чэргі і прыязджае, напрыклад, на падачу дакументаў хоць за 15 хвілін.
Паслуга цалкам афіцыйная — першую ў краіне кантору па займанню чаргі адчыніла студэнтка Беларускага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Ірына Шаўчэнка. Дапамог ёй у гэтым уласны досвед прастойвання ў чэргах.
"А месяцаў восем таму прачытала пра аналагічны праект у ЗША, затым даведалася, што такія агенцтвы існуюць і ў Расіі — толькі ў іх крыху іншы профіль", — распавяла Ірына "Беларускім навінам".
Чаргу ахвотным могуць заняць у загсе, ДАІ, амбасадзе, банку, органах дзяржаўнай улады. А вось просьбаў пастаяць у абменніку, нягледзячы на ажыятаж сярод насельніцтва Беларусі ў сувязі з набыццём валюты, пакуль яшчэ не паступала.