Барысаўскія камунальнікі праз страйк дабіліся павышэння заробку
Страйкоўцам паабяцалі, што з кастрычніка заробкі будуць павышаныя на 20%, яны атрымаюць таксама 500 тысяч на набыццё гародніны.
Сёння а 8.00 работнікі камунальнага прадпрыемства “Жыллё” зноў прыйшлі да свайго начальства з прэтэнзіямі. Учора яны страйкавалі, пратэстуючы супраць нізкіх заробкаў. У сярэднім гэтыя людзі атрымліваюць прыкладна мільён рублёў, прычым заробак не мяняецца ўжо амаль тры гады. Пасля ўчорашняй акцыі кіроўцам смеццявозаў паабяцалі плаціць на 20%. Але сёння работнікі палічылі, што гэтага мала.
11.20 Як паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё барысаўскі актывіст Сяргей Салаш, страйкоўцаў сабралася каля 100 чалавек. Учорашнія абяцанні падвысіць заробак на 20% крыху збілі пратэстныя настро і частка людзей сышла, каб прыступіць да працы.
Людзі стаяць на базе, што на вуліцы Ватуціна. Ніхто не збіраецца працаваць. Паводле ex-press.by, прыкладна а 10.00 сюды прыехалі прадстаўнікі Барысаўскага райвыканкаму і камітэту дзяржкантролю.
11.30 Як паведамляе ex-press.by, перамовы скончыліся а 11-й гадзіне і рабочыя пачалі працаваць. Яны задаволеныя вынікам свайго страйку.


Фота ex-press.by