Студэнтка Саша: З БРСМ могуць выключыць. З ганьбай
20-гадовая баранавіцкая студэнтка-завочніца Саша Суслава апынулася ў ліку затрыманых у часе акцыі пратэсту ў Мінску 19 снежня.
Гісторыю свайго затрымання і 10-сутачнай адсідкі ў ізалятары яна распавяла на сайце intex-press.by. Звычайная зараз ужо гісторыя: прыйшлі паглядзець, патрапілі ў "хапун", суд, ізалятар, вызваленне.
І ўсё ж, нават калі гэты ўрок "выхавання меншасці" не прызначаўся дзяўчыне — сябру БРСМ, дарма ён для яе не прайшоў.
Прывядзем некалькі вытрымак з "канспекта".
"Людзі невядомыя з усёй краіны перадачы перадавалі, у графе сваяцкія адносіны пісалі “брат”, “сябар”, “сяброўка”... Дзяўчынкі проста плакалі, калі атрымлівалі звязаныя ўласнымі рукамі цёплыя шкарпэткі ці цыдулкі. І калі шчыра, я не чакала такога".
"Пабываўшы ў дэканаце і пагутарыўшы з людзьмі, якія там сядзяць, я не адчула нейкага негатыву. Наадварот, мяне сустрэлі даволі добразычліва, пыталіся, што ды як, нават распавялі, што стараста маёй групы ў той дзень таксама быў на плошчы, праўда на іншы баку барыкадаў — у АМАПе".
"Не выключаю, што з часам нешта можа змяніцца. Прынамсі з БРСМ, у які я яшчэ са школы ўваходжу, могуць выключыць. З ганьбай. Дарэчы, з БРСМам у маім зняволенні быў звязаны адзін цікавы момант. На допыце следчы спытаўся, ці з’яўляюся я сябрам якіх-небудзь партыяў ці грамадскіх арганізацыяў. Вы б бачылі яго твар, калі я сказала, што я сябра БРСМ. “Ну ты наогул малайчына”, — усё, што ён змог сказаць".