Суддзя паказаў макет бомбы для метро, зроблены Канавалавым

Суддзя Аляксандр Федарцоў паказаў макет бомбы па выбуху 2011 года, зроблены Дзмітрыем Канавалавым на следстве, перадае БЕЛТА.

Макет — гэта дзве вялікія пластыкавыя бутэлькі з-пад вады, у якіх змешчаны імітатар выбухоўкі. Ёмістасці змацаваныя скотчам. У склад макета ўваходзіць электронны званок і дыстанцыйны пульт ад яго.

Таксама сёння на судзе выступіў знаёмы Канавалава Аляксандр Шпакаў. Ён расказаў, што ў склепе Канавалава бачыў шкляныя колбы і бутэльку з кактэйлем Молатава. Таксама Шпакаў згадаў, што Канавалаў рабіў узрыўпакеты.

Сведка Аляксандр Шпакаў быў дастаўлены ў суд пад канвоем, бо цяпер адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі. У зале суда яго ахоўвалі два супрацоўнікі спецназу ў бронекамізэльках і масках.

Фота: bymedia.com