Банк: Учора прадалі валюты больш, чым набылі. У пятніцу было наадварот

Па выніках таргоў на дадатковай сесіі 27 верасня курс долара знізіўся да 7760 рублёў. У той самы час у абменніках валюта нечакана падаражэла. Так, учора “Трастбанк” набываў долары па 7590 рублёў, а ўжо сёння — па 7660 рублёў. А ў МТБанк можна здаць долары па 7610 рублёў, пры тым што ўчора – толькі па 7500 рублёў.

“Раней былі гіганцкія спрэды — перавальвалі за 10 адсоткаў. Было зразумела, што на другой сесіі курс і далей будзе зніжацца, і ніхто не хацеў набываць валюту, калі колькасць жадаючых перавышала тых, хто набывае, на парадак”, — распавёў Еўрарадыё эканаміст Сяргей Чалы.


Але пасля таго, як банкі паднялі курс, сітуацыя кардынальна змянілася.

“Учора мы прадалі больш валюты, чым набылі. А ў пятніцу было наадварот. Сам факт: калі раней прапаноў было ў разы больш, то цяпер гэта скарацілася”, — кажа супрацоўнік “Абсалютбанка”.


Цікава, што ў пятніцу жадаючых здаць долары ці еўра ў “Абсалютбанк” было ў 10 разоў за жадаючых набыць іх.

У “Самбелбанку” кажуць, што рабіць нейкія высновы пакуль рана, трэба дачакацца хоць нейкай стабілізацыі. Але заўважаюць, што людзі сапраўды сталі менш здаваць валюты.

Супрацоўнік “Самбелбанка”: “Трэба пачакаць некаторы час, каб усё стабілізавалася. Рынак звужаецца. Калі раней людзі неслі долары па 7300 рублёў, а зараз, пэўна, не нясуць, і трэба даражэй набываць”.

Супрацоўнік “Абсалютбанка” лічыць, што набыццё валюты па пашпарце таксама прымусіла людзей вырашыць свае валютныя пытанні да 1 кастрычніка.

Супрацоўнік “Абсалютбанка”: “Гэта падштурхнула людзей, якія маюць рублі, набываць валюту, бо незразумела, куды будзе падавацца гэта інфармацыя: у Нацбанк ці дзяржкантроль ці яшчэ куды”.


Тым часам Сяргей Чалы кажа, што цяпер Нацбанк спрабуе выявіць курс валют, на якім балансуюцца попыт і прапановы асноўных удзельнікаў рынку. І зараз ужо можна казаць пра нейкую стабілізацыю.

Сяргей Чалы: “Тое, што адбываецца на другой сесіі, — відавочна: паступова разрыў паміж памерам попыту і прапановы памяншаецца. Чым ніжэй курс, тым менш жадаючых прадаваць. Раўнавага недзе побач, і курсы паціху сыходзяцца. І ў абменніках ўсталёўваецца прыкладна той жа курс, як і на дадатковай сесіі”.


На думку эканаміста, курс долара ў 7500-7600 рублёў можна лічыць раўнаважным. Толькі і ён можа знізіцца, калі ўлічыць тое, што адбываецца на асноўнай сесіі валютна-фондавай біржы.

Сяргей Чалы: “Нельга забываць, што ёсць першая сесія, дзе курс каля 5500 рублёў. І стаіць пытанне паступовага падцягвання афіцыйнага курса да таго, што складваецца на другой сесіі. І гэта прывядзе яшчэ да невялікага зніжэння таго курса, які ўсталюецца на другой сесіі”.


Еўрарадыё паглядзела, што выгадней за ўсё прадаць долары сёння можна ў “Трастбанку” і “Цэптэр Банку” — па 7660 рублёў.

Фота: forexaw.com