Сёння будуць перасуджваць Пачобута за Плошчу

11 лютага гродзенскага журналіста Андрэя Пачобута будуць судзіць у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска, паведамляе "Наша Ніва".

Яму ўручылі позву, цяпер Пачобут едзе ў сталіцу. Журналіста абвінавачваюць ва удзеле ў несанкцыянаванай акцыі 19 снежня на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Нагадаем, Пачобут быў затрыманы на плошчы Незалежнасці і суткі правёў у аўтазаку. Яго справа разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёну. Але ў апошні момант журналіста вызвалілі, заявіўшы, што яго справа накіраваная на дадатковую праверку.

Пазней суд Кастрычніцкага раёна ўсё ж пакараў журналіста штрафам у памеры 1.750.000 рублёў за "ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу". Пракуратура палічыла такі прысуд занадта мяккім, Мінскі гарадскі суд пагадзіўся з гэтымі прэтэнзіямі і прызначыў перагляд справы.

Фота: baj.by