У Беларусі сьвяткуюць Пакровы - чакаецца пахаладанне

Свята Пакровы, паводле народных прыкметаў, з’яўляецца днём пераходу з аднаго сезона ў другі. Паводле сіноптыка Людмілы Парашчук, зіма ўжо грукаецца ў дзверы:

"Цяпер паветраныя масы на Беларусь прыходзяць з поўначы еўрапейскай часткі Расіі. У бліжэйшыя суткі халоднае арктычнае паветра распаўсюдзіцца на ўсю Беларусь. У ноч з пятніцы на суботу на большай частцы тэрыторыі нашай краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу.  Уначы у Мінску каля 0, удзень +3 +5. У нядзелю атмасферны ціск выцісне ападкі па-за межы Беларусі, пры начных праясненнях чакаюцца маразы. У ноч з суботы на нядзелю мінімальная тэмпература паветра чакаецца 0 -4, на тарфяніках -5 -8, удзень +2 +8. У панядзелак, аўторак і сераду халоднае надвор’е захаваецца на тэрыторыі нашай краіны: тэмпература са знакам мінус уначы і невялікая плюсавая тэмпература ўдзень. На наступных выходных халоднае паветра пакіне Беларусь, аднак вецер узмоцніцца".