У беларускіх ВНУ адменяць раздзельны конкурс для горада і вёскі
Ужо ў наступным годзе выпускнікі сельскіх і гарадскіх школ павінны будуць канкураваць на роўных.
Пра такія планы заявіў сёння журналістам першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. На думку чыноўніка, у ВНУ павінны паступаць тыя, у каго лепшы ўзровень падрыхтоўкі. Да таго ж у апошнія гады з’явілася тэндэнцыя збліжэння прахадных балаў у выпускнікоў гарадскіх і сельскіх школ, паведамляе БелаПАН.
Адменяць і шэраг іншых льгот пры паступленні, пакінуць толькі льготы для пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Таксама на асаблівых умовах будуць паступаць на спартовыя спецыяльнасці пераможцы міжнародных спаборніцтваў узроўню чэмпіянату свету і Алімпійскіх гульняў. Захаваюць льготы і для паступлення ў ВНУ МУС, МНС, Мінабароны, Памежнага камітэту і некаторых іншых спецыфічных навучальных устаноў.