У Брэсце чайкі забіраюць хлеб у лебедзяў (фота)

Каля 500 чаек  аселі на месцы зімоўкі лебедзяў каля Варшаўскага моста. Яно і зразумела: усю зіму брэстаўчане падтрымлівалі птушак, кармілі іх хлебам, так што тыя ў пэўным сэнсе “з лебедзяў ператварыліся ў гусей”. І цяпер пералётныя чайкі аселі на наладжаную кармавую базу.

У выніку з раней больш за стогаловага статку лебедзяў засталося каля дзясятка. Рэшта разляцелася па ваколіцах, балазе Мухавец амаль вызваліўся ад лёду.

У грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўчыны” мяркуюць, што такі сыход канкурэнцыі не вымагае ніякай рэакцыі. “Людзі кормяць птушак больш, каб самім было лягчэй псіхалагічна. А наогул у птушак не варта адбіраць магчымасць жыць прыродным жыццём. У тым ліку не варта прыкормам адахвочваць ад міграцыі”, —  сказалі Еўрарадыё ў Брэсцкім аддзяленні АПБ.