У Брэсце не дазволілі пікет у падтрымку рэпрэсаваных
Не дазволілі праводзіць пікет у людным месцы каля рынка, бо адзіным афіцыйна вызначаным месцам для масавых мерапрыемстваў з’яўляецца стадыён "Лакаматыў".
Брэсцкі гарвыканкам забараніў Васілю Ваўранюку, каардынатару ініцыятыўнай групы па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) па Брэсцкай вобласці, праводзіць 26 лютага пікет. Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавёў Васіль Ваўранюк:
Васіль Ваўранюк: "Не дазволілі пікет каля рынка з той матывацыяй, што ў Брэсце адзіным афіцыйна вызначаным месцам правядзення масавых мерапрыемстваў з’яўляецца стадыён "Лакаматыў". Туды ісці няма сэнсу, бо хто там зверне ўвагу? Там ніхто не ходзіць. Прыйсці пастаяць – пяць чалавек – і пайсці…"
На пікеце Ваўранюк збіраўся звярнуць увагу грамадскасці на масавыя рэпрэсіі, звальненні з працы пасля апошніх выбараў і пратэстаў на Плошчы.