У Брэсце паказалі экстрэмальную кінадакументалістыку

Сама спадарыня Дашук не змагла быць на паказе сваёй 17-хвіліннай карацелькі “Тры кіламетры да неба”, патлумачыў вядоўца Алег Дашкевіч.

Самастойная праца дачкі слыннага рэжысёра — гэта гісторыя беларускамоўнага экс-дэсантніка Андрэя Нікалаева і яго дзяўчыны Таццяны, якая нягледзячы на калецтва нарачонага (Андрэй страціў магчымасць хадзіць) выйшла за яго замуж, даглядае яго, а напрыканцы карціны вязе ў інвалідным вазку на аэрадром, дзе напагатове самалёт ды інструктар з парашутам…

Паказ у рэдакцыі газеты “Брестский курьер” сабраў збольшага журналістаў, бо праходзіў пад эгідай Frontline, міжнароднай арганізацыі, якая  трымае ў фокусе чалавека ў скрайніх сітуацыях і ў асаблівасці экстрэмальную журналістыку.

Цвічком паказу стаў паўтарагадзінны фільм Рычарда Пэры “Крывавы след” пра фотажурналіста Рычарда Кінга, які заплаціў вялікую цану за ўдалыя здымкі з гарачых кропак планеты.