У Брэсце прайшла прэзентацыя кнігі Алеся Разанава

Адметнасць яе ў тым, што яна неперакладальная — складаецца з “вершасловаў” (Wortdichte),  моўных канструктаў, якія абыгрываюць сугуччы і графіку тэкста.

“Я чытаў некаторыя “Wortdichte“  ў Нямеччыне і Аўстрыі. Яны зацікаўленыя. Як бы я перабег ім дарогу або зайшоў на тую дзялянку, якая іхняя. Расшыфроўваюцца нейкія тайныя, глыбокія значэнні, усялякія сувязі, канфігурацыі… Гэта не я павінен рабіць, гэта павінны рабіць яны, але паэты той мовы нейкім чынам занадта падлеглыя традыцыі ці інерцыі, маўляў, паэзія гэта фарматы, і я прыйшоў як бы няправільна”, — распавёў Еўрарадыё пра свой прарыў у нямецкую мову Алесь Разанаў.

Прэзентацыя праходзіла ў рамках Тыдня нямецкай мовы, 15 кастрычніка па-беларуску і назаўтра па-нямецку. З-за неперакладальнасці кнігі ў першы дзень  Алесь Разанаў чытаў аналагічныя вершавыя формы — вершасловы,  пункціры, – з раней выданых беларускамоўных кніг “Пчала  пачала паломнічаць”, “Дождж: возера ў акупунктуры”, “І потым нанава пачаць”.