У Брэсце размеркавалі выратаваных жывёл (фота)
У кінатэатры "Беларусь" прайшла акцыя "Будзь маім сябрам" грамадскага аб'яднання "Дабрыня".
З амаль 70 "беспрытульнікаў" дах над галавой атрымалі каля 20 жывёлаў. Але пра дакладную колькасць не могуць паведаміць і самі арганізатары: цягам усяго дня людзі самастойна прыносілі "знаходкі", якіх амаль адразу разбіралі.
Да выніковасці мерапрыемства намеснік кіраўніка арганізацыі Алена Оргіш ставіцца пазытыўна.
Алена Оргіш: "Вынікамі вельмі задаволеныя, бо шмат нашых гадаванцаў выехалі ў сталыя дамы. Мы спадзяемся, што ўсе патрапілі ў добрыя рукі, бо сюды прыходзяць людзі, якія насамрэч любяць жывёл і хочуць падарыць ім прытулак".
Пра неабыякавасць прысутных сведчыць выпадак, які здзівіў нават дасведчаных валанцёраў: сваіх гаспадароў у гэты дзень знайшла аднавокая котка.


