У дзяржустановах нельга прамаўляць слова "бомба"

Як піша "Ежедневник", звычайны наведвальнік адміністрацыі зайшоў у будынак і пакінуў у канцылярыі свой пісьмовы зварот. Пры выхадзе з будынка, проста ў фае, мужчына прамовіў фразу, якая пасля спалохала ўсіх.

Наведвальнік сказаў: "Напэўна, я не зварот, а бомбу пакінуў". Вядома ж, наведвальнік ужыў не прамое значэнне слова "бомба", а пераноснае. Але ахова на фразу адрэагавала імгненна і без гумару. Яны адразу ж пазванілі ў міліцыю і паведамілі, што адзін з наведвальнікаў пакінуў у будынку бомбу.

На месца здарэння аператыўна прыехала спецпадраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз", але ніякага выбуховага прыстасавання не знайшло. Калі ж затрымалі меркаванага тэрарыста, усё канчаткова стала ясна.