У Генпракуратуры пераблыталі Канавалава і Кавалёва

Любоў Кавалёва звярталася да пракурорскіх работнікаў, каб яны далі ацэнку фільму "Метро", паказанаму па БТ да ўгодкаў мінскага выбуху.

Як інфармуе праваабарончы сайт "Вясна", адказ даў намеснік генпракурора Аляксей Стук, які быў дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе. Пра сам фільм у лісце намесніка генпракурора амаль нічога няма. Затое ёсць фактычныя памылкі, якія Любоў Кавалёва лічыць паказнікам няякаснае працы. У лісце згадваюцца "В.Ю.Коновалов" і "Д.Г.Ковалёв". Нагадаем, што імёны абвінавачаных у выбуху — Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.

Любоў Кавалёва лічыць, што адказу па сутнасці так і не атрымала. У лісце пра фільм "Метро" гаворыцца ў двух радках: што ён  "заснаваны на матэрыялах крымінальнай справы, па якой Вярхоўны суд вынес абвінаваўчы вырак, які ўжо ўступіў у законную сілу". Ніякіх  каментароў пра  заўвагі да фільма, якія Любоў Кавалёва даслала ў Генпракуратуру, у адказе няма.