У Гомель прывязуць абраз Божай Маці Чанстахоўскай

Спіс абраза, асвечаны на арыгінале, прыбудзе ў горад з міжнародным хросным ходам "Ад акіяна да акіяна", паведамілі БелаПАН у інфармацыйным аддзеле Гомельскай епархіі.

Ушанаваны праваслаўнымі і каталіцкімі вернікамі абраз Найсвяцейшай Багародзіцы ўвесь час захоўваецца ў польскім горадзе Чанстахова. Да стварэння арыгінала цудатворнай выявы прамое дачыненне мае святы апостал-евангеліст Лука, які напісаў абраз у Сіёнскай святліцы Іерусаліма і перадаў яе любімаму вучню Ісуса Хрыста — апосталу-евангелісту Іаану Багаслову.

Міжнародны хросны ход "Ад акіяна да акіяна", які праходзіць пад покрывам абраза Чанстахоўскай Божай Маці па тэрыторыі Беларусі, благаславіў мітрапаліт Філарэт. Аўтапрабег, маршрут якога пралягае па тэрыторыі 20 краін ад расійскага ўзбярэжжа Ціхага акіяна да партугальскага ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна, прысвечаны абароне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.