У Гомелі галасуюць пад гарэлку і дзіцячыя канцэрты
Назіральнікі бачаць у гарадскіх школах, дзе праходзіць галасаванне, буфеты з пітвом. Тут жа праходзяць канцэрты з удзелам школьнікаў.
Напрыклад, такая сітуацыя склалася і ў школе № 3 (Савецкая акруга №34). На ўчастках Цэнтральнай акругі таксама працуюць буфеты, выступаюць з канцэртамі дзеці. На Юбілейнай акрузе ў школах, дзе размешчаны ўчасткі для галасавання, арганізаваны “гульнявыя пакоі”, то бок выбаршчыкі могуць здаць сюды сваіх дзяцей, пакуль самі будуць галасаваць, ці наведваць канцэрты і буфет.
На ўчастку Юбілейнай акругі, размешчаным у корпусе БелДУТ, можна бясплатна пагуляць у камп'ютэрныя гульні, а таксама ў шахматы, дартс і настольны тэніс. Праходзіць тут і канцэрт — для траіх гледачоў спяваюць студэнты БелДУТ.
Высокай яўкі на ўчастках не назіраецца, абсалютная большасць галасуючых — пенсіянеры, інфармуе spring96.org