У Гомелі нарэшце адбылося адкрыццё Палескага моста

Новая частка маста была адкрытая сёння а дзясятай гадзіне. Урачыстае слова далі старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віктару Піліпецу, намесніку старшыні аблвыканкаму Уладзіміру Надтачаеву і прадстаўніку мостабудаўнічага ўпраўлення горада.

Апроч прамовы, афіцыйныя асобы ўзнагародзілі ганаровымі граматамі лепшых будаўнікоў, што працавалі на дадзеным аб’екце. Айцец Леанід, біскуп Рэчыцкі, вікарый Гомельскай праваслаўнай епархіі прачытаў невялікую малітву.

Пасля ўрачыстага пераразання стужкі кіраўніцтва горада і вобласці прайшліся па мосце, а прадстаўнікі Гомельскай епархіі асвяцілі збудаванне. Ужо праз нейкі час супрацоўнікі ДАІ накіроўвалі дарожны рух па новым шляхаправодзе.

Нагадаем, што тэрміны здачы Палескага моста некалькі разоў пераносіліся ў сувязі са складанасцямі ў фінансаванні, але нарэшце аб’ект здадзены ў карыстанне. Пасля адкрыцця новай часткі шляхаправода стары мост закрыюць на рэканструкцыю.