У Гомелі п'яныя браты напалі на брыгаду хуткай дапамогі
Здарэнне адбылося яшчэ ўвечары 7 студзеня, але пра яго стала вядома толькі цяпер.
У хуткую паступіла паведамленне, што некалькі грамадзян пацярпелі ад распылення газавага балончыка. Медработнікі, якія прыехалі на вуліцу Інтэрнацыянальную па выкліку, пацікавіліся ў мужчыны, што стаяў каля пад'езда, ці не ён выклікаў хуткую дапамогу. Паколькі той быў п'яны і выразна адказаць не здолеў, медыкі аб'ехалі вакол дома, але нікога не знайшлі.
Тады яны запыталіся ў мужчыны, ці не патрэбная дапамога яму. Рэакцыя яго была неадэкватнай — ён кінуўся да машыны "хуткай", выцягнуў кіроўцу і стаў яго збіваць. Медработнік спрабаваў абараніць калегу, але на дапамогу п'янаму мужчыне прыйшоў яго брат. У выніку бойкі, якую спынілі супрацоўнікі міліцыі, работнікам "хуткай" былі нанесены цялесныя пашкоджанні. Браты 1978 і 1980 гадоў нараджэння затрыманыя, праводзіцца следства, паведамляе БелаПАН.
Фота — bymedia.net