Cуд над Андрэем Пачобутам узяў перапынак да 5 ліпеня (ФОТАРЭПАРТАЖ)
Пятае па ліку судовае пасяджэнне па справе журналіста Андрэя Пачобута скончылася за гадзіну. На наступным журналіст будзе казаць сваё апошняе слова.
11:10. Суд узяў перапынак на тыдзень. 5 ліпеня Андрэй Пачобут скажа сваё апошняе слова. Пасля будзе абвешчаны прысуд.

11:00. Судовыя спрэчкі скончыліся. У судзе выступілі абодва адваката Андрэя Пачобута.

10:35. Да людзей, якія сабраліся перад будынкам суда, звярнуўся міліцыянт. Ён паведаміў, што людзі, якія стаяць з газетамі ў руках, могуць быць прызнаныя ўдзельнікамі несанкцыянаванага мерапрыемства. Ён папярэдзіў пра адказнасць за ўдзел у ім.

10:20. Андрэя Пачобута прывезлі ў суд прыкладна ў 10:05. Як заўжды, аўтамабіль з ім пад'ехаў да задняга дворыка будынка. Але сёння міліцыянты не сталі чыніць перашкодаў тым, хто прыйшоў падтрымаць журналіста, і далі ўбачыць яго.
Ля будынку суда знаходзіцца "група падтрымкі" з прыкладна 40 чалавек. Гэта жонка бацька і жонка журналіста, чальцы Саюза палякаў, журналісты, праваабаронцы (у тым ліку Валянцін Стэфановіч), чальцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Людзі трымаюць у руках газеты.

Нагадаем, карэспандэнта польскай "Газеты Выборчай" Андрэя Пачобута вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 368 ч. 1 (абраза) і арт. 367 ч. 1 (паклёп) у адносінах да Аляксандра Лукашэнкі. Справа грунтуецца на публікацыях у "Газеце выборчай" і на сайце "Беларускі партызан", а таксама ў інтэрнэт-дзённіку журналіста ў "Жывым журнале".

На мінулым пасяджэнні суда пракурор папрасіў пакараць Андрэя Пачобута трыма гадамі зняволення.



Фота: euroradio.fm