У Гродне працягваецца пераслед аўтараў кнігі "Гродназнаўства"
Выкладчыкаў гістфаку ўніверсітэта Святлану Марозаву і Вячаслава Шведа сёння выклікалі да першага прарэктара Святланы Агіявец.
Як перадае Радыё "Свабода", абоім забаранілі чытаць лекцыі звыш прафесарскай стаўкі, што дадавала да іхнага асноўнага заробку каля мільёна рублёў. Самі гісторыкі на гэтую тэму гаварыць адмаўляюцца.
Нагадаем, што праблемы ў аўтараў "Гродназнаўства" пачаліся на мінулым тыдні. У інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што з Гродзенскага ўніверсітэту звольнены адзін з аўтараў — выкладчык Андрэй Чарнякевіч. Сам Чарнякевіч больш за тыдзень у шпіталі і кажа, што пакуль не бачыў загаду пра звальненне.
Падставай для пераследу стала тое, што кніга "Гродназнаўства" была выдадзеная ў серыі "Гарадзенская бібліятэка" і надрукаваная ў Польшчы. Таксама аўтарам рабілі закіды, што іх кніга завяршаецца першай паловай 90-х.
Аўтары кнігі — Алесь Госцеў, Аляксандр Дабрыян, Віталь Карнялюк, Святлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед.