У інтэрнэт-крамах курс долара – 6000 рублёў, а ў турфірмах – 8500

Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў набыць фотаапарат Nikon L120. Інтэрнэт-крама прапанавала заплаціць 335 долараў валютай ці разлічыцца рублямі па курсе 6000 рублёў.

На мінулым тыдні курс долара тут быў 7500 рублёў. Цяпер у рублях тэхніка патаннела. Але супрацоўнік крамы кажа, што курс павысіцца ўжо ў бліжэйшыя дні.

“Далей курс будзе толькі расці. Прычым вырасце істотна. Пакуль у нас яшчэ ёсць магчымасць набываць долары па 6000 рублёў. Да канца тыдня дакладна будзе павышэнне курсу”.

У іншай інтэрнэт-краме кажуць, што зніжэнне курсу было справакаванае чуткамі аб зніжэнні курсу на міжбанку. Людзі пачалі шукаць, дзе танней кошты — і крамы падладзіліся пад пакупнікоў. Але нават такія захады пакуль не могуць спыніць падзенне продажу.

“Зараз нябачна, што народ стаў болей звяртацца. Такое адчуванне, што людзі нешта чакаюць. Магчыма, патрацілі ўсе грошы ў харчовых крамах, калі скуплялі ўсё што заўгодна. Цяпер, пэўна, проста няма грошай”.

А вось у турыстычных фірмах курс долара працягвае расці.

У “Альфа-тур” карэспандэнту Еўрарадыё прапанавалі адпачыць 10 начэй у 4-зоркавым гатэлі ў Антальі за 910 долараў. Разлічыцца можна валютай або рублямі па курсе 8500 рублёў.

У адной мінскай турфірме кажуць, што людзі пачынаюць смяяцца, калі даведваюцца курс: 8500 рублёў за долар і 10500 рублёў за еўра.

“Рэагуюць па-рознаму. Нехта смяецца. Кажуць, што будуць скардзіцца на нас. Але нават дзяржава прызнала, што тураператары могуць усталёўваць свой курс”.

Згодна са словамі супрацоўніцы турфірмы, апошні раз рублямі плацілі, калі курс еўра быў 7000 рублёў. Цяпер разлічвацца за свой адпачынак рублямі беларусы дазволіць сабе не могуць.

У авіякампаніі “Турэцкія авіялініі” на дэвальвацыю рубля пакуль ніяк не адрэагавалі. Мабыць, таму, што курс еўра тут і так быў даволі высокі. Паводле супрацоўніка авіякампаніі, учора еўра каштаваў 12500 рублёў. Сёння курс еўра застаўся такі ж.

А вось у нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” за суткі еўра падаражэў. Калі ўчора квіток на самалёт можна было набыць па курсе 6200 рублёў за еўра, то сёння — ужо па 6960 рублёў. Такім чынам, дэвальвацыя рубля ў “Белавія” склала 12 працэнтаў.

Пры набыцці аўтазапчастак на сайце aw.by курс еўра на сёння складае 12280 рублёў. Тыдзень таму еўра тут каштаваў 10 000 рублёў.

Рэзкае паніжэнне курсу адбылося хіба што на міжбанку. Пасля ўсталявання Нацбанкам новага курсу, а таксама абмежавання адхілення ў 2 працэнты, 24 траўня на міжбанку долар прадавалі за 5028 рублёў. Менавіта з-за гэтага абмежавання курс валют у інтэрнэт-крамах і турфірмах перавысіў міжбанкаўскі амаль на 20 працэнтаў.

 

Цяпер

Тыдзень таму

2 тыдні таму

4 тыдні таму

Інтэрнэт-крамы

6000

6500-7500

4000-4200

3900-4000

Нацбанк

4 930.00

3120

3061

3048

Латвійскі банк Rietumu

рубль зняты з канвертацыі 

7600

5350

рубль зняты з канвертацыі

Турфірмы

8500

5500-7000

5000-5500

5000-5500


Фота: bymedia