У Маскве пройдзе пікет у падтрымку свабоднай Беларусі
Акцыя адбудзецца 3 жніўня а 18:00 каля помніка Грыбаедаву ля станцыі метро “Чыстыя Пруды”.
Расійскія праваабаронцы правядуць пікет салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Акцыя прымеркаваная і да гадавіны з дня арышту кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. Неўзабаве пасля гэтага арышту ён быў асуджаны на 4,5 гады калоніі па сфабрыкаваных абвінавачаннях.
Арганізатары маскоўскай акцыі адзначаюць, што ў Беларусі працягваюцца грубыя парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці.
Гэта смяротнае пакаранне без магчымасці абскардзіць рашэнне суда, катаванні ў месцах зняволення, жорсткае збіццё дэманстрантаў, прэвентыўныя затрыманні, забароны на выезд з краіны, ганенні на адвакатаў і многае іншае.
Сярод апошніх фактаў парушэння правоў чалавека арганізатары пікету называюць затрыманне фатографа Антона Сурапіна, які размясціў на сваім сайце скінутых са шведскага самалёта цацачных мядзведікаў. За гэта ён можа атрымаць турэмны тэрмін.