У Мінску 1-6 траўня пройдзе тыдзень дызайну
Апроч беларускіх дызайнераў, у мерапрыемстве паўдзельнічаюць госці з Украіны, Польшчы, Расіі ды Літвы.
У рамках тыдня дызайну чакаецца шэраг выставаў, лекцый ды майстар-класаў, кажа куратарка праекту Алена Карпілава.
Карпілава: “Аўдыторыі будуць дастаткова вялікія, разлічаныя не менш, як на сто чалавек. Таму прыходзьце ўсе. Мы зацікаўленыя, каб мерапрыемства было даступнае для як мага большага кола людзей. Бо дызайн датычыць усіх сфераў нашага жыцця. Гэта не нейкая вузкая спецыяльнасць – гэта абсалютна ўсюды”.
Па словах Карпілавай, выставы будуць адбывацца ў розных месцах па ўсім Мінску. Асноўная выстава павінна прайсці ў Футбольным манежы — гэта будзе міжнародная выстава аб’ектнага дызайну. У аўтасалоне “Атлант М” пройдзе паказ матацыклаў дызайнерскай работы. Плануюцца таксама кінапаказы, выставы графічнага дызайну, украінскай каліграфіі ды іншыя мерапрыемствы.
Працы беларускіх дызайнераў будуць займаць 40-50% ад усёй экспазіцыі. Алена Карпілава падкрэсліла, што мэта арганізатараў — паказаць лепшае з найлепшага.
Карпілава: “На Футбольным манежы беларускіх праектаў будзе, на жаль, не шмат. Але гэта не таму, што дызайну ў нас няма (у нас ёсць і кафедра дызайну у Акадэміі мастацтваў), а таму, што хочацца паказаць лепшае з найлепшага. А гэта складана”.
Наведвальнік выставаў не застанецца пасіўным аглядальнікам, але зможа таксама прыдбаць сабе нешта карыснае ў Футбольным манежы.
Карпілава: “Адна з нашых мэтаў — каб дызайнеры пазанаёміліся з патэнцыйнымі замоўцамі, з патэнцыйнымі вытворцамі. Можна будзе купіць дызайнерскую вопратку немасавай вытворчасці ад беларускіх дызайнераў. Куток fassion будзе ў Футбольным манежы. Можна будзе і апрануцца, і купіць посуд дызайнерскі, і ўсё, што толькі душа прымае”.
Дакладная праграма мерапрыемства будзе вядомая ўжо ў другой палове красавіка. З праектам можна азнаёміцца на афіцыйнай старонцы праекта.