У Мінску абакралі жонку казахскага амбасадара
Ахвярай кішэннікаў ў Мінску стала жонка пасла Казахстана ў Беларусі. Невядомы ачысціў яе сумачку, пакуль яна хадзіла па Гандлёвым доме "На Нямізе".
Здарэнне адбылося яшчэ 9 чэрвеня, аднак у прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама аб ім вырашана было не распаўсюджвацца.
Як паведамляе "Ежедневник", 9 чэрвеня жонка пасла Казахстана у Беларусі спадарыня Смірнова адправілася за пакупкамі ў Гандлёвы дом "На Нямізе". Дыпламатычная лэдзі прабыла ў краме каля 45 хвілін, а калі выйшла, то ўбачыла, што з яе торбы знік кашалёк. Па словах спадарыні Смірновай, у кашальку знаходзілася 300 тысяч рублёў, 400 долараў, медыцынская страхоўка, картка "Нурбанка" Казахстана і, што самае важнае, дыпламатычная карта, якая пацвярджае дыпламатычныя паўнамоцтвы ў жонкі пасла ў Беларусі.
Па факце здзяйснення крадзяжу праваахоўнымі органамі Мінска заведзена крымінальная справа.