У Мінску працуе банда “сацыяльных работнікаў”
За апошнія дні больш за 10 пенсіянераў сталі ахвярамі аднатыпных кватэрных крадзяжоў.
Дзейнічаюць злодзеі па прадуманай схеме. Перад крадзяжамі ў кватэры ахвяраў прыходзяць асмуглыя жанчыны з прапановай нядорага набыць прадметы бялізны, ручнікі ці адзёжу. У гэты час яны выбіраюць чарговую ахвяру: запамінаюць, што і дзе стаіць у кватэры, а калі атрымліваецца што-небудзь прадаць, заўважаюць і месца, адкуль гаспадары прыносяць грошы для разліку.
Увечары гэтага ж дня ці назаўтра ў абраную кватэру прыходзіць яшчэ адна дэлегацыя. Адна, а часцей дзве жанчыны называюцца супрацоўніцамі Мінгазу ці работнікамі сацыяльных службаў. Яны займаюць ахвяру размовай, у той час як яшчэ адна жанчына ўваходзіць у кватэру і здзяйсняе крадзёж. На ўсё пра ўсё ім патрэбна 5-8 хвілінаў.
Злачынствы адбыліся ў Завадскім, Ленінскім, Першамайскім і Цэнтральным раёнах горада.
Фота: news.date.bs.