У Мінску п'яная студэнтка знішчыла шлагбаўм

Як паведамляе БелаПАН, тры нецвярозыя студэнткі пасля начнога клуба вырашылі працягнуць свята на кватэры ў агульнага знаёмага. Прыехаўшы на таксоўцы да названага адрасу, дзяўчаты, аднак, не змаглі знайсці дарогу да пад'езда. Пабадзяўшыся па двары каля гадзіны, сяброўкі адправілі адну шукаць неабходны пад'езд.

Тая апынулася каля суседняга двара і ўбачыла ўсталяваны на ўездзе шлагбаўм. Дзяўчына вырашыла, што адшукаць патрэбны пад'езд не атрымоўваецца менавіта з-за шлагбаўма, і стала з усяе моцы біць нагамі па загародзе. Акрамя таго, скандалістка некалькі разоў ударыла і па прыпаркаваных аўтамабілях.

"Канфлікт" чалавека і шлагбаўма працягваўся датуль, пакуль шлагбаўм не быў канчаткова зламаны.