У Мінску затрымалі палітолага Аляксея Пікуліка
Гэта адбылося каля шасці гадзін вечара 31 траўня.
Акадэмічнага дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Вільня), прафесара Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу вінавацяць у дробным хуліганстве.
Пра акалічнасці затрымання Пікуліка пакуль нічога не вядома, перадае БелаПАН. Па звестках адваката, з Цэнтральнага РУУС яго адправілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Супрацоўнікі ізалятара патэлефанавалі маці палітолага і паведамілі, што Аляксей знаходзіцца ў іх.
Хутчэй за ўсё, судовы разгляд адбудзецца 1 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна.
Нагадаем, што 6 красавіка ў Пікуліка забралі пашпарт і дагэтуль не вярнулі. Міліцыянты тады заявілі, што падазраюць палітолага ва ўдзеле ў бойцы і падробцы дакументаў.