У новую кааліцыю апазіцыя прыме не ўсіх?
Новае аб'яднанне апазіцыі абрастае крыўдамі ад самага пачатку свайго стварэння. Пра стварэнне кааліцыі абвясцілі 29 чэрвеня.
Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэакратычнай партыі (Грамада) не разумеюць, чаму іх партыю не запрасілі да падпісання міжпартыйнай платформы. Стваральнікі "Стратэгіі-2012" шукаюць адказу, чаму праігнаравалі іх ініцыятыву. Гэткія прэтэнзіі публікуюцца ў інтэрнэце.
Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька ў каментары Еўрарадыё распавёў, чаму аб'яднанне адбылося менавіта ў такім складзе. Па яго словах, кола партый і палітычных рухаў для пачатку аб'яднання не магло быць вельмі шырокім. Таму ў аснову працы шасці суб’ектаў быў пакладзены прынцып кансенсусу:
Лябедзька: “Ніхто нікога наўмысна не выключаў. І ўсе прызнаюць, што ёсць багата палітычных арганізацыяў, структур, якія могуць быць карыснымі ў аб’яднанні. Але трэба было з нечага пачынаць. І ў аснову працы гэтых шасці суб’ектаў быў пакладзены прынцып канесенсусу. Падымаліся пытанні, каб уключыць тую ці іншую структуру, але не было згоды ўсіх шасці суб’ектаў. Таму вырашылі зрабіць першы крок гэтым складам”.
Кааліцыя абвясціла, што адкрытая для новых чальцоў. Аднак Лябедзька не выключае, што і цяпер можа скласціся такая сітуацыя, калі прымуць не ўсіх ахвотных. Раптам не будзе кансенсусу, каб іх прыняць... Аднак, на думку палітыка, далучыцца зараз будзе прасцей.
Нагадаем, пра стварэнне агульнай платформы абвясцілі аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", Партыя БНФ, аргкамітэт грамадскага аб'яднання "Гавары праўду", Рух "За свабоду", Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет".
Фота: slaviccenter.com