У Нямеччыне абмяркоўвалі беларускі выбар
У Берліне прайшла канферэнцыя "Ці ёсць выбар у Беларусі?" Яе зладзілі праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" і Фонд Генрыха Бёля.
На канферэнцыі выступілі дэпутат Бундэстага Марылуіза Бек, кіраўнік нямецкага аддзялення арганізацыі "Рэпарцёры без межаў" Крысціян Мір, галоўная рэдактарка сайта "Хартыя-97" Наталля Радзіна і старшыня кансорцыума "Еўрабеларусь" Улад Вялічка. У дыскусіі прынялі ўдзел нямецкія грамадскія дзеячы, праваабаронцы, дыпламаты і журналісты.
У сваёй прамове Радзіна, як паведамляе "Хартыя-97", згадала, што беларускае заканадаўства стала больш рэпрэсіўным, што КДБ атрымала амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы, а арыштаваць могуць нават за фатаграфіі плюшавых мядзведзікаў. Па яе словах, сваю долю адказнасці ў гэтым нясе Еўрасаюз, які з лютага прыпыніў увядзенне новых санкцыяў супраць афіцыйнага Мінску. Журналістка нагадала, што дзякуючы санкцыям на волю выйшлі палітвязні Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка.
Падчас абмеркавання палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі Крысціян Мір адзначыў, як важна гаварыць пра ўдзел нямецкіх кампаніяў у пагаршэнні беларускай сітуацыі. Па яго словах, вялікая частка заходняй тэхнікі, у тым ліку, з Нямеччыны выкарыстоўваецца для цэнзуры ў Беларусі. Мір заклікаў рэгуляваць рынак тэхнічнага абсталявання. На яго думку, гэтая тэхніка павінна быць прыраўнаваная да ўзбраенняў і не пастаўляцца ў дыктатарскія краіны.
Дэпутатка Бундэстага Марылуіза Бек, у сваю чаргу, заявіла, што санкцыі Еўрасаюза не могуць істотна дзейнічаць, бо ёсць Расія, якая падтрымлівае беларускі рэжым. Калі МВФ не даў Беларусі 8 мільярдаў крэдыту, то Расія паспяшалася выдаць грошы за другую частку "Белтрансгаза" і чарговы крэдыт, адзначыла палітык.
Фота — "Хартыя-97"