У судзе заслухалі паказанні 80 пацярпелых ад выбуху ў метро
Зачытваў іх дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Мірончык. Таксама ён зачытаў экспертызу атрыманых людзьмі траўмаў.
Пацярпелыя аздначалі, што шмат хто з іх атрымаў траўмы не ад выбуховай прылады, а ад падзення на іх канструкцый са сцен ды столі, а таксама самой столі над эскалатарам, перадае БелаПАН.
Адна з пацярпелых бачыла, як над галавой праносіліся металічныя прадметы, таму была вымушаная нахіліцца. Іншая бачыла, як выбухам быў выдраны кавалак сцяны. Шмат пацярпелых распавядалі на следстве пра часовую страту памяці.
Эксперты зафіксавалі ў пераважнай большасці пацярпелых "лёгкія цялесныя пашкоджанні з разладам здароўя". Прыкладна палова пацярпелых звярнулася па меддапамогу на наступны ці праз некалькі дзён пасля выбуху.
Сумы шкоды, заяўленыя пацярпелымі на следстве, складаюць ад некалькіх дзясяткаў тысяч да некалькіх мільёнаў рублёў. Яны залежалі ад ступені пашкоджання вопраткі, а таксама ад таго, ці былі на станцыі страчаны нейкія рэчы.