У Віцебску — перабоі з продажам паліва на АЗС
Кампанія "Газпромнафта-Белнафтапрадукт" прыпыняе адпускаць паліва на АЗС за наяўныя рублі.
Прычынай кампанія называе недахоп нафтапрадуктаў. Абмежаванні на продаж АІ-92 і дызельнага паліва ўведзеныя з 2 чэрвеня. Іх будуць прадаваць толькі паводле безнаяўнага разліку. У прыватнасці, у Віцебску на аўтазапраўках кампаніі дызпаліва і бензін АІ-92 ужо адпускаюць толькі суб'ектам гаспадарання і па безнаяўным разліку.
Абмежаванні на водпуск дызельнага паліва ўведзеныя і кампаніяй "Лукойл", паведамляе БелаПАН. На аўтазапраўках у Віцебску дызпалівам запраўляюцца толькі аўтамабілі юрыдычных асоб па норме 20 літраў на легкавы аўтамабіль і 100 літраў — на грузавы. Разам з тым на аўтазаправачных станцыях "Лукойл" у Мінску нейкіх абмежаванняў не ўводзілася.
Нагадаем, 26 траўня кампанія "А-100" часова спыніла продаж насельніцтву бензіну АІ-92 на сваіх аўтазапраўках.