Украінскія апазіцыянеры заблакавалі трыбуну Рады
Дэпутаты ад фракцый "Усеўкраінскае аб'яднанне "Бацькаўшчына" і "Усеўкраінскае аб'яднанне "Свабода" заблакавалі трыбуну парламента.
Дэпутаты ад фракцый пакінулі свае працоўныя месцы і атачылі трыбуну перад тым, як за яе выйшаў старшыня фракцыі "Бацькаўшчына" Арсень Яцэнюк для выступу з заявай.
Як інфармуе podrobnosti.ua, падчас свайго выступу ён падкрэсліў, што апазіцыйныя фракцыі патрабуюць выканаць іх патрабаванні для працягу працы парламента. Апазіцыя патрабуе ўключыць у парадак дня і прыняць праект пастановы пра заяву парламента ў падтрымку еўраінтэграцыі Украіны. Таксама фракцыі патрабуюць разгледзець законапраект пра дэкрыміналізацыю артыкула, па якім абвінавачваюцца былы прэм'ер-міністр Юлія Цімашэнка і былы міністр унутраных справаў Юрый Луцэнка.
Яцэнюк кажа, што на пагаджальным савеце Рады 9 студзеня такія прапановы апазіцыі не былі задаволеныя, таму яны вымушаныя блакаваць працу парламента.
Старшыня Рады Уладзімір Рыбак абвясціў перапынак у паседжанні і запрасіў лідараў парламенцкіх фракцыі да сябе ў кабінет.
Праз некалькі гадзінаў апазіцыянеры разблакавалі трыбуну.
Фота — obozrevatel.com