Уначы памерла маці палітвязня Аляксандра Малчанава
Жанчына сканала, седзячы за кампутарам.
Позна ўвечары Галіна Малчанава яшчэ ставіла “лайкі” у Фэйсбуку, — сведчаць яе стужкафрэнды. Пасля паўторнага зняволення сына, асуджанага ў красавіку на паўтара года турмы быццам бы за крадзеж металалому, кампутар стаў ледзь не адзінай радасцю жанчыны.
Жывучы ў Барысаве з інвалідам-мужам, Галіна Малчанава ў самоце перажывала арышт сына. Час ад часу яна знаходзіла сілы выбірацца ў Мінск, хоць сама пакутвала на астму і хваробу Паркінсона. У сталіцы Галіна Малчанава прымала ўдзел у круглых сталах па палітвязнях і вечаровых малітвах ля Чырвонага касцёла. Ёй было 64 гады.
Цяпер адвакат Малчанава намагаецца, каб хлопца адпусцілі на пахаванне маці.
У мінулым годзе праз перажыванні за сына памерла маці іншага палітвязня — Змітра Дашкевіча. У гэты шэраг дадаецца смерць бацькі Алеся Бяляцкага і жонкі Аляксандра Казуліна — пакуль яны таксама былі за кратамі як палітвязні.
Фота svaboda.org