Віцебскае прадпрыемства зрабілі вінаватым у тэракце 11 красавіка

Цалкам ці часткова будзе звольнена  адміністрацыя Віцебскага завода трактарных запчастак, пакуль невядома. Але па выніках праверкі, якая праводзілася  пасля падзеяў 11 красавіка, “на заводзе выяўлены сур’ёзныя недахопы у ідэалагічнай, выхаваўчай, інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце, у кадравай службе”. Цікава, што праца ў гэтых кірунках яшчэ год таму лічылася выдатнай і пра яе ўхвальна пісалі на старонках дзяржаўнай газеты “Віцьбічы”.

Згодна з вынікамі праверкі, на прадпрыемстве, у прывактнасці, кепска выконвалі Дырэктыву №1 “Аб захадах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”. І было прызнана, што “прычынай шматлікіх парушэнняў стаў нізкі ўзровень арганізацыі працы кіраўніцтва і галоўных спецыялістаў завода”. Замест звольненых прадстаўнікоў адміністрацыі Міністэрства прамысловасці збіраецца адшукаць новыя ініцыятыўныя кіраўнічыя кадры, паведамляе “Праваабарончая хроніка”.