"Японскі" кліп гурта Re1ikt — толькі на Еўрарадыё!

Незвычайнае відэа на песню беларускага гурта Re1ikt “Брудная Дзяўчына” з акустычнага міні-альбома Vytoki выпусціла маскоўская S-Studio.

Кліп створаны ў стылі AMV (anime music video – аматарскае відэа, змантаванае з фрагментаў анімэ ці японскіх відэагульняў на свабодна абраную аўтарам кампазіцыю) з шэрагам візуальных эфектаў. У конкурснай праграме феста анімэ і мангі “Animau-2011: Sweet vs Punk” ролік на “Брудную Дзяўчыну” заняў 4-е месца.

“Адмыслоўцы кажуць, што гэта наогул вельмі дзіўна: AMV з рок-песняй (ды яшчэ на беларускай мове) заняло не апошняе месца! – зазначае лідар гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка. – Бо самі мы не анімэшнікі, і ніколі не думалі рабіць нічога такога для сваіх песень. Але калі знаёмыя з маскоўскай АМV-студыі S-studio прапанавалі зрабіць відэа на адну з нашых песен, мы пагадзіліся.

Абралі “Брудную дзяўчыну”, бо яна адна з самых эмацыйных кампазіцыяў. Да таго ж, яна падабаецца нашым слухачам у розных краінах свету. У выніку атрымаўся вельмі чулы ролік пра маленькую дзяўчынку. Думаю, што яго варта паглядзець і малым, і дарослым”.

“У гэты праект нас зацягнула сяброўка з Мінска. Мы пагадзіліся без сумневаў: усё ж такі не часта выпадае шанец папрацаваць з гуртом асабіста, — кажуць хлопцы з S-Studio. — Падчас працы мы адкрылі для сябе беларускую мову, якую раней чулі толькі ў навінах. Re1ikt зрабіў для нас выдатную яе прэзентацыю… Гэта вельмі незвычайная мова, і як мы зразумелі з перакладу песні, дае шмат свабоды для творчасці”.

Праца так захапіла і з’яднала музыкаў і S-Studio, што яны адразу ж пачалі працу над прэзентацыйным ролікам да новага альбома Re1ikt “Рэкі прабілі лёд”, які ў хуткім часе выйдзе на лэйбле “Вігма” у супрацы з БМА.

Канцэртная прэзентацыя дыска Re1ikt адбудзецца 30 кастрычніка ў мінскім клубе Re:Рublic. У гэты ж вечар на сцэну выйдуць гурты “Рокаш” і Partyzone, чые кружэлкі таксама з'явіліся сёлета, і Unia.