Юбілей паўстання Каліноўскага адзначаюць у Польшчы
Тым часам афіцыйны Мінск ігнаруе гэтую дату.
Нагадаем, што 150 гадоў таму пачалося паўстанне ў Беларусі, Літве і Польшчы супраць расійскай акупацыі. У беларускай гісторыі яно найбольш вядомае як паўстанне Каліноўскага.
У Польшчы ганаровы патранат над юбілейнымі святкаваннямі ўзяў на сябе прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, адзначае Радыё "Свабода". Урачыстае адкрыццё юбілейнага году адбылося 16 студзеня ў прэзідэнцкім палацы. У розных імпрэзах, прысвечаных юбілею, прымуць удзел таксама прадстаўнікі вышэйшых дзяржаўных органаў улады — старшыні Сейму і Сенату Польшчы, прадстаўнікі Рады аховы памяці барацьбы і пакутніцтва, Міністэрства нацыянальнай абароны, іншых арганізацый.
Сёньня на месцы пахавання паўстанцаў на вайсковых могілках Павонзкі ў Варшаве адбудзецца пераклічка прозьвішчаў загінулых, ускладанне кветак і запальваньне знічоў. У імпрэзе прыме ўдзел прэзідэнт Польшчы і прадстаўнікі краін, на тэрыторыі якіх адбываліся баі: Літвы, Латвіі, Беларусі і Украіны.
Тым часам ні пра якія афіцыйныя беларускія захады з нагоды юбілею паўстання невядома.