З-за долара Егіпет падаражэў на тры мільёны рублёў
Купляць пуцёўкі на курорты за рублі беларусы аказаліся негатовыя.
Карэспандэнт Еўрарадыё запытаўся, колькі будзе каштаваць адпачынак у Егіпце. Турфірма прапанавала тур на дванаццаць дзён на дваіх у пяцізоркавым гатэлі ў Шарм-эль-Шэйху. Кошт пуцёўкі – 1650 долараў. Але папярэдзілі, што пры разліку перавага аддаецца долару ці еўра. Можна разлічыцца і рублямі, але гэта выклікае пэўныя складанасці для кліента.
"Мы прымаем аплату ў доларах і еўра, у нас ёсць валютная ліцэнзія. Калі ў рублях, то на дадзены момант курс 5000 рублёў за долар".
1650 долараў пры курсе 5000 рублёў, гэта 8 мільёнаў 250 тысяч рублёў, што ў пачатку года было эквівалентна 2660 доларам. За такія грошы ў Егіпет можна было злятаць удваіх амаль два разы! У рублях Егіпет падаражэў больш чым на тры мільёны рублёў.
У турфірме "Альфатур" кажуць, што курс долара залежыць ад аператара, які прапануе тур.
"5000, ёсць 5500 рублёў за долар. Еўра увогуле ацэньваюць у 7500 ці 7900 рублёў. За некаторыя туры увогуле рублямі разлічыцца не атрымаецца. Доларамі таксама нельга, бо няма валютнай ліцэнзіі. Вы можаце толькі самастойна аплаціць праз банкаўскі рахунак наўпрост за мяжу".
Яшчэ ў адной турфірме адзначылі, што курс у бліжэйшыя дні можа толькі расці. Аплаціць тур можна толькі па курсе 5000 рублёў за долар рублямі. А тым, хто ўсё ж такі хоча разлічыцца доларамі, давядзецца пераплаціць восем працэнтаў ад кошту пуцёўкі.
У турфірме Sakub у першую чаргу працуюць з кліентамі, якія разлічваюцца валютай.
"Той, хто хоча аплаціць у рублях аказваецца не гатовы. Вельмі хутка змяняецца курс долара. Людзі не паспяваюць звыкнуцца да адной сумы, калі праз дзень можа быць зусім іншы курс. І нават мы самі не ведаем, які ён будзе".
Інтэрнэт-крамы ацэньваюць долар у 4000 і нават у 3900 рублёў. Разлічыцца можна адразу ў доларах ці еўра. За фотакамеру Nikon D3000 папрасілі 600 долараў ці 2 мільёны 400 тысяч рублёў, што па "дакрызісным" курсе складала 775 долараў.
Падаражэў курс долара і ў крамах, што займаюцца продажам аўтазапчастак. Так, у адной аўтамабільнай краме нам прапанавалі разлічыцца за рамень ГРМ для дзесяцігадовага Опеля па курсе 6500 рублёў за еўра.У іншай краме той самы рамень ГРМ пагадзіліся прадаць па курсе 4000 рублёў за долар.
Цікава, што афіцыйны курс Нацбанка 25 красавіка складае 3048 рублёў. Атрымоўваецца, што за тры тыдні курс долара павысіўся толькі на тры рублі!
|
цяпер |
3 тыдні таму |
|
|
Інтэрнэт-крамы |
3900-4000 |
3100 - 3800 |
|
Нацбанк |
3048 |
3045 |
|
Латвійскі банк Rietumu |
рубль зняты з канвертацыі |
4500 |
|
Турфірмы |
5000-5500 |
Фота: panoramio.com