Закаханым забаранілі пэцкаць "дом Джульеты"
Улады італьянскага горада Верона забаранілі прызнавацца ў каханні на сценах “дома Джульеты”.
Гарадскі магістрат аб’явіў вайну турыстам, якія нішчаць будынак. Палац на Віа Капэла, які лічыцца Домам Джульеты, штогод наведваюць два мільёны турыстаў. Побач з будынкам стаяць спецыяльныя стэнды, на якіх можна пакінуць сваё прызнанне ў каханні, але наведвальнікі з усіх краін свету пішуць проста на сценах палаца, туды ж лепяць і свае жуйкі.
Аднак цяпер за парадкам будуць сачыць праваахоўнікі і штрафаваць. На тэрыторыі палаца нельга будзе таксама есці і піць. За парушэнне правілаў пагражае штраф ад 25 да 500 еўра.
Фота — Вікіпедыя