Замест канцэрта памяці Арыны Вячоркі пройдзе рэпетыцыя да Дня Перамогі
У тэатры эстрады, дзе мусіла адбыцца імпрэза, наракаюць на слабы продаж квіткоў, хаця яны прадаваліся ўсяго два дні.
Адменены канцэрт памяці культурнай дзяячкі і стваральніцы праекта “Легенды Вялікага Княства” Арыны Вячоркі. Імпрэза мусіла адбыцца 24 красавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады, але ў касах установы з’явілася аб’ява пра яе адмену. Кіраўнік канцэртнага аддзела тэатра Ірына Пазнякова патлумачыла гэта рэпетыцыяй Дня Перамогі.
“23 і 24 красавіка сцэна
тэатра будзе занятая пад правядзенне рэпетыцый канцэрта да Дня Перамогі. Але ж
23 красавіка рэпетыцыя скончыцца да 18-ай гадзіны, таму канцэрт усё ж
адбудзецца, а вось 24 красавіка рэпетыцыя будзе вечаровай”.
Па словах Ірыны, такі выбар абумоўлены яшчэ і тым, што на канцэрт 23 красавіка было прададзена 250 квіткоў, а на “Жыццё для Беларусі” — усяго 36.
Арганізатары канцэрта здзіўляюцца тлумачэнню тэатра.
“Мы гарантавалі тэатру, што прададуцца ўсе квіткі. У нас была дамова, што за некалькі дзён мы самі выкупім усё, што не прадасца, і раздадзім знаёмым у якасці запрашэння. У шырокі продаж квіткі, на жаль, так і не трапілі, хаця за пару дзён купілі 36 білетаў. Пераносіць канцэрт у тэатры таксама адмовіліся. Нібыта да канца чэрвеня ў іх усё занята, а пасля будзе рамонт. Я не веру, што з красавіка па ліпень нельга знайсці 3 гадзіны для канцэрту. Ёсць выхадныя дні, калі нічога не адбываецца, калі можна правесці канцэрт. Было б жаданне: Радаўніца, 1 траўня, 9 траўня. У гэтыя дні там няма канцэртаў”.
Верагоднай прычынай адмены мог стаць удзел у канцэрце Змітра Вайцюшкевіча, хоць яго імя і не пазначалася на афішы. Пасля прэзідэнцкіх выбараў музыкант трапіў у так званыя “чорныя спісы”. З таго часу ў яго не адбылося ніводнага афіцыйнага канцэрта, а яго музыка знікла з тэле- і радыёэфіру. Заўважым, што існаванне спісу забароненых музыкаў улады абвяргаюць.
Арына Вячорка — вялікая аматарка і прапагандыстка беларускай гісторыі і культуры. Стваральніца праекту "Легенды Bялікага Kняства"